Хрышчэнскае купанне

19.01.2018

19 СТУДЗЕНЯ праваслаўныя хрысціяне адзначалі Вадохрышча. Гэта адно з вялікіх двунадзясятых святаў. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаа­нам Хрысціцелем на рацэ Іярдан, са з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. Асаблівасцю свята Хрышчэння Госпада з’яўляюцца два вялікія водаасвячэнні, першае з іх адбываецца напярэдадні свята 18 студзеня – у храме, а другое 19 студзеня – у дзень самога свята пад адкрытым небам на рэках і азёрах, сажалках і ў студнях. Вадохрышчанская святая вада называецца па царкоўнаму Агіясмай, ці проста асвячонай, святой вадою. Яе  захоўваюць у доме, каб яна падтрымлівала ў ім святло і цеплыню ўвесь год. Гэтая вада, як лічылі нашы продкі, валодае многімі магічнымі ўласцівасцямі. Яна не толькі лечыць цела, але і душу. Вадою прычашчаліся і мыліся, давалі піць хвораму і сурочанаму. Дабаўлялі некалькі кропель свячонай вады і пры першым купанні немаўляці, для здароўя. Таксама лічылася, што чалавек, які пахрысціцца ў гэты дзень, будзе шчаслівым усё жыццё. А калі пакупаецца 19 студзеня у рацэ ці возеры, ваду ў якіх асвяціць свяшчэннаслужыцель, дык змые ўсе грахі і набудзе здароўе. Таму ў гэты дзень у многіх мясцінах Беларусі захавалася традыцыя тройчы акунацца ў  “іярдань” – палонку ў выглядзе крыжа.

    

У першыню, у нашай вёсцы,  выпрабаваць сілу святой вады можна было на рацэ Моства. Менавіта сюды пасля ўрачыстай літургіі ў царкве прыбылі праваслаўныя вернікі трох царкоўных прыходаў: Церабліч, Аздаміч і Рамля. Тут заўчасна была абсталявана купель. Святары  пад песнапенні царкоўнага хору адслужылі спецыяльны малебен. Затым быў здзейснены абрад Вялікага асвячэння вады. Запрошваць, угаворваць людзей не было патрэбы.  Адзін за адным падыходзілі да купелі мужчыны сярэдняга ўзросту, жанчыны. Не засталася ў баку і моладзь.

  

Як мне падалося, знайшоўся не адзін дзясятак адважных людзей, якія выкарысталі дзень Вадохрышча, каб акунуцца ў ваду і прыняць хрышчэнскае купанне. Тыя, хто не асмеліўся здзейсніць абрад абмывання ў купелі, абмылі твары асвечанай вадою. Лічыцца, што на Хрышчэнне Гасподняе яна валодае цудадзейнымі ўласцівасцямі: не толькі чысціць душу, але і па­збаўляе ад розных хвароб.

Рэкамендацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па купанні ў палонцы:

• акунацца (купацца) варта ў спецыяльна абсталяваных палонках ля берага, пажадана паблізу выратавальных станцый, пад наглядам ратавальнікаў;

• перад купаннем ў палонцы неабходна разагрэць цела, зрабіўшы размінку, прабежку;

• да палонкі неабходна падыходзіць у зручным, не слізкім абутку, які лёгка здымаецца, каб прадухіліць страту адчувальнасці ног. Найлепш выкарыстоўваць чаравікі ці ваўняныя шкарпэткі для таго, каб дайсці да палонкі. Магчыма выкарыстанне спецыяльных гумавых тапак, якія таксама абараняюць ногі ад вострых камянёў, а таксама не дадуць вам слізгаць на лёдзе. Ідучы да палонкі, памятайце, што дарожка можа быць слізкай. Ідзіце павольна і ўважліва;

• акунацца лепш за ўсё па шыю, не замачыўшы галаву, каб пазбегнуць рэфлекторнага звужэння сасудаў галаўнога мозга. Ніколі не кідайцеся ў палонку наперад галавой. Скачкі ў ваду і апусканне ў ваду з галавой не рэкамендуюцца, паколькі гэта рэзка паніжае тэмпературу і можа прывесці да шоку ад холаду;

• пры ўваходзе ў ваду першы раз старайцеся хутка дасягнуць патрэбнай вам глыбіні, але не плавайце. Памятайце, што халодная вада можа выклікаць зусім нармальнае бяспечнае частае дыханне;

• не знаходзьцеся ў палонцы больш за 1 мінуту, каб пазбегнуць агульнага пераахалоджвання арганізма;

• пасля купання разатрыце сябе махровым ручніком і надзеньце сухую вопратку;

• для ўмацавання імунітэту і магчымасці пераахалоджвання неабходна выпіць гарачага чаю, лепш за ўсё з ягад, садавіны і агародніны з папярэдне падрыхтаванага тэрмаса.

У месцах купання (абмывання) забараняецца:

• купацца ў стане алкагольнага ап’янення;

•ныраць і плаваць пад вадой;

• падаваць сігналы лжывай трывогі;

• забруджваць і засмечваць водныя аб’екты і берагі;

• прыводзіць з сабой сабак і іншых жывёл;

• збірацца групамі на лёдзе каля краю палонкі;

• заходзіць за агароджы.

Купанне дзяцей дапускаецца толькі з бацькамі ці дарослымі сваякамі.