Летопись школы

Гістарычны нарыс

Летапіс установы адукацыі

ПАЧАТАК
У царскай Расіі не было закона аб абавязковым навучанні і гэтая справа была кінута на самацёк: вучыліся тыя, хто хацеў, мог і чые бацькі былі ў стане забяспечыць дзіця ўмовамі для вучобы. У сялянскай сям’і з ранняга дзяцінства дзеці дапамагалі бацькам у хатніх справах і на палявых работах. Не ўсе бацькі маглі забяспечыць дзяцей адзеннем і абуткам. Былі і такія бацькі, якія лічылі школу непатрэбнай рэччу. Пагэтаму, на пачатку ХХ стагоддзя, ў вёсцы Цераблічы толькі некалькі чалавек ведалі грамату. Гэта ў асноўным былі выхадцы з вёскі Аздамічы, якія прыйшлі сюды ў прымакі да заможных людзей (там працавала царкоўнапрыхадская школа).
Як успамінаў старэйшы жыхар вёскі Лявон Герасімавіч Шпакевіч (1903–1995) у 1910–1912 г.г. сялянскі хлопец-грамацей Шпакевіч Язэп (імя па бацьку не памятае) у вольную часіну збіраў суседскіх дзяцей і вучыў іх грамаце, вучыў чытаць.
У 1913 годзе ўпершыню ў Цераблічах стала працаваць пачатковая школа, навучанне ў якой вялося на рускай мове. Вучняў было нямнога: каля дзесяці чалавек. Спецыяльна пабудаванага школьнага будынка для заняткаў не было. Для гэтага арэндаваўся пакой у вялікай сялянскай хаце на “Гарымесі” (заходняя частка Церабліч), які мала адпавядаў патрабаванням школьнага навучання.
Першым, афіцыйна прызнаным настаўнікам быў Даніла Якаўлевіч Міхлюк, адукаваны хлопец з Аздаміч.
Школа кантралявалася святаром Аздаміцкай царквы. Галоўная ўвага ў ёй удзялялася вывучэнню рускай і царкоўнаславянскай граматы, Закону Божага, малітваў і царкоўных песнапенняў. Па ўспамінах старажылаў, урок заўсёды пачынаўся з малітвы Гасподняй, дзяўчынак бацюшка асобна вучыў спяваць у царкоўным хоры. І гэты занятак ён разам з вучаніцамі пачынаў з каленапаклоннай малітвы. Вучні часта займаліся, не здымаючы верхняй вопраткі. Мала было вучэбных дапаможнікаў, сшыткаў вучні зусім не мелі, пісьмовыя работы яны выконвалі грыфелем на чорнай дошцы. Вучань, які скончыў пачатковую школу, умеў чытаць, быў знаёмы з чатырма арыфметычнымі дзеяннямі. Школа існавала галоўным чынам на сродкі, якія былі сабраны з насельніцтва.

Калі пачалася першая сусветная вайна, Міхлюка Данілу Якаўлевіча забралі ў войска.
Неўзабаве ў Церабліцкую пачатковую школу быў прызначаны новы настаўнік, родам ён быў з вёскі Вялікае Малешава, але на жаль, старажылы не памятаюць яго прозвішча і імя. Ён таксама працаваў нядоўга –– усяго адзін год.
З 1916 па 1924 год школа ў Цераблічах не працавала.

                                                          Пры Польшчы
Па Рыжскаму мірнаму дагавору ад 18 сакавіка 1921 года вёска Цераблічы апынулася на тэрыторыі, якая ўвайшла ў склад Польскай Рэспублікі. У 1924 годзе польскі ўрад прыняў палажэнне аб школьным абавязку. Па гэтаму палажэнню вучыцца павінны былі ўсе ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў.
Позняй восенню 1924 года ў вёску прыехала настаўніца –– пані Скульская. Так пачала працаваць аднакласная школа з чатырма аддзеламі і адным настаўнікам. Школьнікаў набралася даволі многа –– да 30 чалавек. Заняткі праходзілі ў адной з вясковых хат у 2 змены: 3 і 4 класы вучыліся зранку, а 1 і 2 –– пасля абеду.
Праз год пані Скульскую замяніла пані Свінарская Яўгенія з Кракава. (Імёнаў і імёнаў па бацьку сваіх настаўнікаў былыя вучні не памятаюць таму, што агульнапрынятым зваротам да іх было “пані настаўніца”, “пан настаўнік”.) Добра памятавалі пані Свінарскую Шпакевіч Адам Адамавіч, Ярош Кузьма Іосіфавіч, Шпакевіч Іван Данілавіч, Супрунчык Іван Змітравіч, Крыжан Іван Еўдакімавіч і іншыя.
Новага пана-настаўніка звалі Флар’ян Мазуркевіч. Родам ён быў з Познані.
Асабліва добры ўспамін аб сабе пакінуў настаўнік пан Карл Смялеўскі: пры ім быў пабудаваны школьны будынак і здзейснена паездка ў Варшаву.
У пачатку 30-х гадоў было вырашана ўзвесці школьны будынак у весцы Цераблічы. Сродкі выдзяляла Палескае ваяводства, а арганізаваць работы павінна было кіраўніцтва Хорскай гміны. Неўзабаве з лесу ў напрамку да Церабліч пацягнуліся падводы з пахучымі сасновымі бярвеннямі.

1935

Побач з вазамі шыбавалі барадатыя мясцовыя дзядзькі, яны задаволена ўсміхаліся: ёсць магчымасць зарабіць злот-другі і дзеткам карысць.
Праз некаторы час з’явіліся і цесляры. Гэта былі будаўнікі-яўрэі з Давыд-Гарадка. Падрадчыкам і кіраўніком работ быў пан Лахоўскі. Нарэшце, у 1935 годзе, новая школа гасцінна расчыніла дзверы перад вучнямі і настаўнікамі. Гэта быў самы вялікі і прыгожы будынак у вёсцы. Трэба адзначыць, што ўлады дбалі аб настаўніку: пры школе была пабудавана кватэра, куды і ўсяліўся пан Смялеўскі разам з сям’ёй. Настаўніцкага заробку хапала, каб заказваць прадукты харчавання для сябе і сям’і ў краме местачковага яўрэя.

 Не толькі арыфметыка, гісторыя і геаграфія, спевы і маляванне, не гаворачы ўжо пра польскую мову і літаратуру, але нават Закон Божы выкладаліся па -польску. На перапынках у школе, а таксама дома, пасля заняткаў ад вучняў патрабавалася размаўляць толькі на польскай мове.
Польскія настаўнікі не толькі вучылі сялянскіх дзяцей-беларусаў чытаць і пісаць, але і прывівалі ім навыкі культуры і асабістай гігіены. У школе заўсёды было чыста. На калідоры стаяў умывальнік, кожны вучань прыносіў з

дому ручнік і вешаў яго на спецыяльна адведзенае месца. Настаўнік строга сачыў, каб рукі ў дзяцей былі заўсёды чыстыя. Вешалкі таксама былі пранумараваны, кожны ведаў нумар свайго кручка, дзе і вешаў сваё верхняе адзенне.
Заняткі праходзілі так. Настаўнік заходзіў у клас, у пачатку кожнага ўрока вітаўся з дзецьмі, затым праходзіла абавязковая на кожным уроку малітва на польскай мове. У канцы кожнага ўрока настаўнік гаварыў словы развітання.
У школе было многа польскіх кніг, якія вучні чыталі з вялікім задавальненнем. Пастаянна прывозіліся ў школу надрукаваныя ў Польшчы газеты. Іх вывешвалі на сцяне ў класе. Кожны вучань павінен быў ведаць на памяць змест гэтых газет. Дысцыпліна на ўроках была ўзорная, бо самых непаседлівых і непаслухмяных настаўнік біў лінейкай па далоні рукі. Вучні 3-4 класаў вялі перапіску з вучнямі гарадоў Кракаў, Саснавец, Велічка. За выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны дзяцей узнагароджвалі паездкамі ў гэтыя гарады. На ўсё жыццё засталіся ўспаміны ў тых, каму пашчасціла здзейсніць гэтае цікавае падарожжа.

Успамінае Арына Ігнатаўна Петрусевіч:
“Летам 1939 года дзесяць самых лепшых вучняў –– 5 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў –– за выдатныя поспехі ў навучанні і  прыкладныя паводзіны былі заахвочаны экскурсіяй у горад Сасновец да сваіх сяброў (калег і каляжанак, як гаварылі ў той час).
На золку цёплага летняга дня шчасцлівыя дзеці разам з настаўнікам на двух падводах адправіліся ў Давыд-Гарадок. Там яны пераселі на параход і паплылі да станцыі “Гарынь”. Трэба заўважыць, што вучні далей Церабліч нідзе не былі, таму ўсё іх здзіўляла і ўражвала. Упершыню трапілі яны і на чыгунку. І вось загрукатаў і імкліва вынырнуў з-за маста праз Гарынь чорны бліскучы паравоз, а за ім пабеглі зялёныя вагоны. Адзін, другі… дзясяты. “Паглядзіце, паглядзіце, колькі кухраў разам едзе!” –– не ўстрывала адна з дзяўчынак. Усе засмяяліся. Потым селі ў гэтыя “кухры” і паехалі.
У вагоне да вясковых падлеткаў падсеў польскі журналіст. Яго зацікавіла, што дзяўчынкі і хлопчыкі ў нацыянальным палескім адзенні, так добра размаўляюць па-польску. Ветлівы і цікаўны пан распытаў, хто яны, адкуль, куды едуць. На развітанне гэты незвычайны пан даў кожнаму па 5 злотых. Дзеці былі шчыра ўдзячны яму за гэта: такіх грошай яны яшчэ не трымалі.
Нарэшце, за вокнамі вагона паказаліся прыгарады Варшавы. Сталіца ўразіла маленькіх палешукоў сваей строгай веліччу і незвычайнай прыгажосцю.
У Сасноўцы палескіх сяброў іх калегі і каляжанкі сустракалі песнямі, музыкай і танцамі. Тут жа гасцей пачаставалі бялюткім хлебам з маслам і каўбасой. Такога цуда на Палессі яны не толькі не елі, але і не бачылі! Пасля агляду вялікай і прыгожай Саснавецкай школы добразычлівыя гаспадары паднеслі сваім сябрам на масіўным бліскучым падносе цэлы стос цукерак. Настаўнік ціхенька шапнуў сваім выхаванцам, каб бралі па 1-2 штукі. Але дзе ты ўтрымаешся ад такой спакусы! Нехта з дзяўчынак схапіў цэлыя прыгаршчы, было і смешна, і прыкра, і няёмка, але гаспадары зрабілі выгляд, што нічога не заўважылі.
Доўга не змаўкалі ў школе звонкія дзіцячыя галасы, гучалі задушэўныя песні, чуліся трапныя жарты і моцны рогат: гэта адпачывалі дзеці беларускіх сялян і польскіх рабочых.
Начавалі дома ў сваіх новых сяброў. Гасцей уразілі ўтульныя і чыстыя кватэры з фарбаванай падлогай, накрахмаленыя і бялюткія, нібы снег, прасціны і навалачкі. Усё гэта было нязвыкла, бо дома гліняная падлога, а спалі на рагожках і сенніках.
Трэба адзначыць, што саснавецкія вучні і іх бацькі былі прыёмна здзіўлены: госці з Палесся добра ведалі і размаўлялі на польской мове.   

       

             

Хутка, як у чароўным сне, праляцелі гэтыя цудоўныя дні ў Сасноўцы. І вось прыйшла хвіліна развітання. Абдымкі, пажаданні шчаслівай дарогі, апошні поціск рук…”

Поўныя уражанняў, шчаслівыя вучні вярнуліся дамоў.

Новы навучальны год не пачаўся . 1 верасня 1939 года фашысцкая Германія напала на Польшчу, пачалася другая сусветная вайна.

Пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў  склад БССР школа аднавіла работу толькі ў 1940 годзе. Загадчыкам быў прызначаны Ляўданскі Іосіф Адамавіч. Выкладанне вялося ўжо на рускай мове. Вучні, якія закончылі 1і 2 клас польскай школы, павінны былі зноў ісці ў гэтыя ж класы рускай школы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны школа не працавала.

 ПАСЛЯ ВАЙНЫ

Восенню 1945 года гасцінна расчыніла дзверы Церабліцкая  пачатковая школа. Настаўнічаў Мішын Мікалай Аляксандравіч. Яго змянілі Юхневіч Вольга з Альгомеля і Блоцкая Кацярына з Верасніцы. Далей з 1948 па 1950 год тут працавалі Хромчанка і сястра яго жонкі. Пасля іх ад’езду ў 1951 годзе ў Цераблічы прыехала маладая настаўніцкая пара Забіран Анастасія Паўлаўна і Міхаіл Цярэнцевіч. (Анастасія Паўлаўна пайшла на пенсію ў 1981 годзе, зараз жыве ў Магілёве, а Міхаіл Цярэнцевіч трагічна загінуў у 1964 годзе).

                                                                                                                   Забіран Міхаіл Цярэнцевіч

Школа была малакамплектная, каля 20 вучняў, у адным класным пакоі займаліся 1-3, у другім – 2-4 класы. Ішоў час, залечваліся ваенныя раны, наладжвалася мірнае жыццё, і з кожным годам моладзь усё больш цягнулася да навукі. Колькасць дзяцей ў класах павялічвалася. Ужо з 1956 года кожны клас вучыўся асобна. Таму ў гэты год прыехалі яшчэ дзве настаўніцы – Васількова Надзея Васільеўна і Касач Анастасія Іванаўна. Апошнюю праз год змяніла Комар Лізавета Аляксееўна.

                                        Жлоба І.П., Забіран А.П., Усціненка М.М.

 Мэбля ў класах была самаробнай, мала прыгодная для малодшых школьнікаў. Наглядных дапаможнікаў амаль не было, падручнікаў, паперы, пісьмовых прылад таксама не хапала. Галоўным у рабоце школы былі веды настаўніка і яго ўменне захапіць дзяцей  навукай, і безумоўна, жаданне школьнікаў вучыцца.

Пасля заканчэння пачатковых школы вучні прадаўжалі вучобу ў Аздаміцкай сямігодцы, а самыя здольныя і настойлівыя ішлі ў Вялікамалешаўскую сярэднюю школу.

Аддаленасць ад чыгункі, бездарожжа, адсутнасць жылля і дрэнныя ўмовы былі прычынай таго, што настаўнікі, асабліва маладыя, у школе доўга не затрымліваліся. Мясцовых жа настаўнікаў не было. У 1956 годзе  выкладаць у пачатковых класах прыходзіць Усціненка Марыя Мікалаеўна.

З 1958 года пасля заканчэння Пінскага педагагічнага вучылішча па 1994 год настаўнічала ў школе Шпакевіч Ірына Паўлаўна. Яна ўспамінла, што ў той час калектыў настаўнікаў быў невялікі, але дружны. Сябравалі, дапамагалі адзін другому, абменьваліся вопытам работы з калегамі Аздаміцкай школы.  

 Злева направа: Дрозд Канстанцін Дзмітравіч, Краўцова Алена Пятроўна, Домніч Надзея Андрэеўна, Забіран Анастасія Паўлаўна, Усціненка Марыя Мікалаеўна, Комар Зінаіда Аляксандраўна, Кулеш Марыя Мікалаеўна, Каменскі Дзмітрый Сцяпанавіч.                                                         

1965 

Злева направа: Забіран Анастасія Паўлаўна, Домніч Надзея Андрэеўна, Дрозд Канстанцін Дзмітрыевіч,  Усціненка Марыя Мікалаеўна, Каменскі Дзмітрый Сцяпанавіч, Сімончык Марыя Іванаўна, Кулеш Марыя Мікалаеўна, Комар Зінаіда Аляксандраўна.

 

Злева направа: Комар Зінаіда Аляксандраўна, Сімончык Марыя Іванаўна, Каменская Святлана Дзмітрыеўна, Усціненка Марыя Мікалаеўна, Бруцкая Марыя Іванаўна, Забіран Анастасія Паўлаўна, Каменскі Дзмітрый Сцяпанавіч.

Васьмігодка

З 1963- 1964 навучальнага  года школа стала васьмігадовай. Чацвертакласнікі пайшлі ў 5 клас дома. Патрэбны былі настаўнікі – прадметнікі. У 1965  годзе пасля заканчэння педагагічных курсаў у Пінску ў школу прыязджаюць Домніч (Петрусевіч) Надзея Андрэеўна, Сімончык (Супрунчык) Марыя Іванаўна, Бруцкая Марыя Іванаўна. Фізкультуру і працу (майстэрні былі дома ў настаўніка) выкладаў Каменскі Дзмітрый Сцяпанавіч. На пасадзе выкладчыка працы ён працаваў да выхаду на пенсію ў 1979 годзе. Памёр у 2003 годзе.

 

Перад стартам.                                                           Каманда "Сцвіга"

У 1964 ­– 1966 г.г.  школу ўзначальваў Канстанцін  Дзмітрыевіч Дрозд. Настаўнік матэматыкі, ён захапляўся фатаграфіяй. Многа фатаздымкаў засталося ў настаўнікаў і вучняў ад тых гадоў. Пры ім была зроблена прыбудова да памяшкання школы: пяць класных пакояў, піянерская і калідор. У 1966 годзе ён пераехаў у Давыд-Гарадок.

З 1 верасня 1966 года дырэктарам школы была прызначана Марыя Мікалаеўна Усціненка, якая працавала на гэтай пасадзе да 1977 года.

 

Стаяць: Усціненка Антаніна Паўлаўна, Бокша Надзея Іванаўна, Петрусевіч Валянціна Аляксандраўна.

Сядзяць: Забіран Анастасія Паўлаўна, Сімончык Марыя Іванаўна.

У 1968 ­– 1969 г.г. пачынаюць працаваць :Бокша Надзея Іванаўна настаўнікам пачатковых класаў, Усціненка Антаніна Паўлаўна- старшай піянерважатай, Петрусевіч Валянціна Аляксандраўна- бібліятэкарам, Вострыкава Ала Аляксеевна -настаўніцай геаграфіі, Макарава Людміла Васільеўна- настаўніцай матэматыкі, Ярмоліч Анастасія Антонаўн- лабарантам, Усціненка Раіса Мінаўна- настаўнікам рускай мовы і літаратуры, Кудласевіч Іван Іванавіч- настаўнам гісторыі, Пашкевіч Вольга Паўлаўна- настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

 

Усякая праца ганаровая

У 1969 годзе ў школе працавалі 14 настаўнікаў. Усе былі маладыя, актыўныя, працаздольныя. І хаця сярод іх нікога не было з вышэйшай адукацыяй, амаль усе завочна вучыліся на розных факультэтах педагагічных інстытутаў. Запомнілася падарожжа па партызанскіх сцяжынках на Мярлінскіх хутарах вучняў старэйшых класаў пад кіраўніцтвам  Каменскага Д.С.

 

Партызанскімі сцежкамі

Летам 1967 года адбыўся першы выпуск васьмікласнікаў, 27 вучняў атрымалі пасведчанне аб васьмігадовай адукацыі. З 1967 па 1992 год васьмігадовую адукацыю ў школе атрымалі 668 вучняў. За гэты час дзясяткі і сотні вучняў пабывалі на экскурсіях у Століне і Пінску, у Брэсце і Мінску, арганізавана і праведзена безліч змястоўных тэматычных вечароў і вечароў адпачынку, цікавых сустрэч і захапляючых гульняў.

Дзявочы дэсант

Заўтра першы экзамен

         

На экзамене

Ішлі гады. Зменяўся педагагічны калектыў: адны настаўнікі звальняліся па сямейных абставінах, другія толькі пачыналі настаўнічаць. 

 

Так, у 1970 годзе пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута была накіравана ў школу Надзея Міхайлаўна  Паўловіч, настаўніца беларускай мовы.

   

Настаўнікі і вучні. 1970

Вясной 1977 года настаўнікі і вучні з вялікім жалем праводзілі ў апошні шлях дырэктара школы Марыю Мікалаеўну Усціненка, якая 11 гадоў узначальвала школу.

Усціненка М.М.

Дырэктарам школы была прызначана  Раіса Мінаўна Шпакевіч, яна адпрацавала на гэтай пасадзе 3 годы, з 1977 па 1980 год.

Агульнашкольная лінейка

З верасня 1980 па 2006 год дырэктарам школы працуе Надзея Міхайлаўна Паўловіч.

Значныя змены ў жыцці школы пачаліся з канца 70-х пачатку 80-х гадоў. К таму часу многія настаўнікі завочна атрымалі вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, у школу прышлі маладыя спецыялісты, выпускнікі педагагічных вузаў, мясцовыя ўраджэнцы: Рудзецкая Ганна Адамаўна, настаўніца матэматыкі (скончыла  Магілёўскі педінствтут), Шпакевіч Вера Іванаўна, настаўніца пачатковых класаў (скончыла Гомельскае педвучылішча), Пашкевіч Варвара Якаўлеўна, настаўніца фізікі, Шпакевіч Фёдар Міхайлавіч, настаўнік гісторыі і геаграфіі, Наскевіч Васіль Міхайлавіч, настаўнік фізічнай культуры, Шпакевіч Кацярына Міхайлаўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры. У 80-я гады пачалі настаўнічаць Шчучка Марыя Пятроўна, настаўніца хіміі і біялогіі, Ярмоліч Надзея Рыгораўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Петрусевіч Надзея Іванаўна, выхавальнік групы падоўжанага дня. У 1992 годзе настаўніцай пачатковых класаў пачынае працаваць Петрусевіч Кацярына Уладзіміраўна, а настаўнікам працы – Шпакевіч Іван Іванавіч. Так склаўся адукаваны калектыў настаўнікаў і выхавацеляў.   

Трэба адзначыць, што ў 80-я годы ў школе працаваў філіял Столінскай вочна – завочнай сярэдняй школы рабочай моладзі, які доўгі час узначальвала Пішчык Марыя Васільеўна (пасля старшая піянерважатая),  у свой час там працавала таксама Гаўрылковіч Зінаіда Андрэеўна настаўніцай матэматыкі.

У класе толькі дзяўчынкі

80 – ыя годы ўвайшлі у гісторыю школы як этап станаўлення кабінетнай сістэмы навучання. Істотна змяніўся інтэр’ер школы. У класных пакоях замест цёмных драўляных парт з’явіліся прыгожыя сталы са светлым пластыкавым пакрыццём і крэслы на металічнай асновы. Уздоўж  сцен сталі сучасныя кніжныя шафы. Сцены абклеілі шпалерамі і абіты драўлянай вагонкай. Пакоі набылі дамашні уют. Бібліятэка папоўнілася новымі шматлікімі творамі мастацкай літаратуры, бясплатнымі падручнікамі, а вучэбныя кабінеты ­– новымі сродкамі навучання, кадаскопамі, эпідыяскопамі, тэлівізарам. Сучасным патрабаваням, на той час,  адпавядалі кабінеыт гісторыі, біялогіі і пачатковых класаў.

 

У 1986 годзе чорная хмара Чарнобыльскай бяды накрыла і нашу веску. У 1991 годзе камісія з Дзяржкамчарнобыля пасля праверкі насельніцтва зрабіла вывад, што вёска Цераблічы па ўзроўню накаплення цэзію – 136 за год у арганізме чалавека адносіцца да ўзроўню ад 5-10  Кю/км2. з правам на адсяленне. Людзі атрымалі і льготы: невялікая даплата кожнаму  жыхару, бясплатнае гарачае харчаванне школьнікам, аздараўленне у санаторыях і санаторыях-прафілакторыях, аздараўленчых цэнтрах 2 разы ў год. З 2010 года школа ўжо знаходзіцца у чыстай зоне.

У Брэсцкай крэпасці-героі

На Кургане славы. 1975 г.

На раённым злёце піянераў

У 90-ыя гады пачаўся працэс змены пакаленняў настаўнікаў. Так, Шпакевіч Ірына Паўлаўна у 1994 г. пайшла на заслужаны адпачынак, Супрунчык Марыя Іванаўна –– у 1999 г.,  Петрусевіч Надзея Андрэеўна –– у 2000 г., Ярош Надзея Иванаўна –– у г., Кудласевіч Вольга Паўлаўна –– у г., Паўловіч Надзея Міхайлаўна –– у 2006 г., Шпакевіч Раіса Мінаўна –– у 2006 г., Пашкевіч Варвара Якаўлеўна –– у г., Рудзецкая Ганна Адамаўна –– у 2009 г., Пішчык Марыя Васільеўна –– у 2009 г., Петрусевіч Валянціна Аляксандраўна –– у 2007 г., Шчучка Марыя Пятроўна –– у2015 г.

На змену ім прыйшлі Паўловіч Галіна Уладзіміраўна, настаўніца беларускай мовы, у 1994 г., Велясніцкая Марыя Паўлаўна, педагог сацыяльны, Петрусевіч Кацярына Іванаўна, настаўніца абслугоўваючай працы, Кашэўская Вольга Пятроўна, настаўніца рускай мовы –– у 1998 г., Казак Валянціна Пятроўна –– у 2000 г., Пашкевіч Валянціна Іванаўна, настаўніца пачатковых класаў, Паўловіч Валерый Фёдаравіч, настаўнік тэхнічнай працы –– у 2002 г., Паўловіч Вольга Уладзіміраўна, выхавацель ГПД,  Рудзецкая Таццяна Рыгораўна, намеснік дырэктара –– у 2006 г., Адамаў Віталь Уладзіміравіч, намеснік дырэктара,  Петрусевіч Вольга Паўлаўна, педагог-псіхолаг –– у 2007 г., Рудзецкі Валерый Мікалаевіч, настаўнік інфарматыкі і матэматыкі, Шпакевіч Марыя Іванаўна і Кашэўская Галіна Пятроўна, выхавацелі дашкольнай групы  –– у 2009 г., Ачапоўская Марына Васільеўна, педагог-арганізатар,  Вячорка Зарына Андрэеўна, настаўніца фізікі –– 2010 г.,  Шчучка Валянціна Фёдараўна, настаўніца біялогіі і хіміі ­–– у 2011 г., Наскевіч Міхаіл Іосіфавіч, настаўнік матэматыкі –– у 2013 г. Нядоўгі час з 2009 па 2012 настаўнікамі матэматыкі працавалі Наскевіч Іван Якаўлевіч і Кашэўскі Міхаіл Міхайлавіч.

З 1967 па 2009 школу закончылі 737 вучні. Вышэйшую адукацыю атрымалі 121, сярэднюю спецыяльную –– 101. Патрэбна адзначыць, што педагогамі сталі   102 выпускнікі. Былыя вучні працуюць  ва ўсіх кутках Беларусі і за яе межамі.  Так, выпускнік 1985 года Наскевіч Іван Данілавіч  зараз узначальвае Следчы Камітэт Рэспублікі Беларусь.

         У 2009 г. школа перамясцілася у новы, двухпавярховы будынак. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. З таго ж году школа змяніла назву і стала дзяржаўнай установай адукацыіі “Церабліцкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад сярэдняя школа”.

               

                            

У школе створаны ўсе ўмовы для правядзення вучэбна-выхаваўчага працэса. На першым паверсе размясціліся: сталовая на 80 пасадачных месцаў, спартыўная зала,   дашкольная ронаўзрастовая група на 24 месцы, медкабінет. На другім паверсе –– актавая зала, кабінеты СППС і маладзёжных арганізацый, настаўніцкая і кабінет намеснікаў дырэктара, бібліятэка. Таксама ва ўстанове адукацыі ёсць 15 вучэбных кабінетаў у тым ліку інфарматыкі, абслугоўваючай працы, тэхнічнай працы, хіміі.

            Зараз ва ўстанове адукацыі  працуе 26 настаўнікі:

 

поделиться в: