Да Дня Настаўніка

03.10.2020

 

Традыцыйна ў кастрычніку ва ўсім свеце настаўнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У Дзень настаўніка аддаюць даніну павагі педагогам сваёй краіны, якія прыкладаюць шмат намаганняў дзеля адукацыі падрастаючага пакалення, а значыць, і дзеля будучыні.

 

5 кастрычніка 1966 года ў Парыжы была праведзена Спецыяльная міжурадавая канферэнцыя аб статусе настаўнікаў (Special Intergovernmental Conference on the Status of Teachers). Канферэнцыя была скіравана на абмеркаванне праблем супрацоўнікаў сферы адукацыі на нацыянальным і сусветным узроўнях. У выніку прадстаўнікі ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыі працы падпісалі першы міжнародны дакумент, які акрэсліваў умовы працы настаўнікаў: «Рэкамендацыі наконт статусу настаўнікаў» (Recommendation concerning the Status of Teachers). У ім замацоўваліся правы і абавязкі педагогаў і міжнародныя нормы, якія тычацца падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі, прыёму на працу і ўмоў працы. Афіцыйна святкаваць Сусветны дзень настаўніка 5 кастрычніка было прапанавана ЮНЕСКА ў 1994 годзе. Зараз гэта свята ўваходзіць у кола сусветных і міжнародных дзён ААН.

Дзень настаўніка ў розных дзяржавах святкуюць у розныя дні. У больш чым 100 краінах свету гэты дзень прыпадае на 5 кастрычніка.
У Беларусі (а таксама ў Латвіі, Украіне, Кыргызстане, Казахстане і Малдове) Дзень настаўніка адзначаюць у першую нядзелю кастрычніка.

У дзяржаўнай установе адукацыі "Церабліцкі ВПК я/с СШ" прайшлі мерапрыемствы з нагоды гэтага свята.

У пятніцу, 02.10., прайшоў дзень самакіравання, была арганізавана выстава плакатаў, а ў суботу былых настаўнікаў павіншавалі з Днём настаўніка.

Паважаныя настаўнікі! У гэты восеньскі дзень прыміце сардэчныя пажаданні прафесійных поспехаў, натхнення, ажыццяўлення цікавых задум і новых ідэй, а таксама бадзёрасці і сіл дзеля іх увасаблення!
Няхай гэты дзень падаруе вам мноства ўсмешак, цеплыні і радасці!